МАГІЛЬНЯ́НСКІ ЗА́МАК Існаваў у 16—17 ст. каля в.Магільна Уздзенскага р-на Мінскай вобл. Паводле інвентара 1536 быў пабудаваны Станіславам Пацам. Размяшчаўся на правым беразе Нёмана і займаў чатырохвугольную пляцоўку памерамі 110 х 65 м, абкружаную валам. Яна аддзялялася ад прызамча ровам глыб. да 8 м. Ва ўсх. частцы пляцоўкі быў бастыёнападобны выступ. У замку мелася ўязная брама з пад’ёмным мостам-«узводам» і не менш як 4 вуглавыя вежы. Пад абаронай замка знаходзіліся «село Могильно, двор Могильно» і «местечко Могильно». Як сведчыць інвентар, замак быў забяспечаны рознай зброяй, і ў час небяспекі яго маглі абараняць больш за сто добра ўзброеных воінаў. М.з. страціў ролю абарончага пункта ў ходзе вайны Расіі з Рэччу Паспалітай у сярэдзіне 17 ст.

Літ.:

Ткачоў М.А. Замкі і людзі. Мн., 1991.

т. 9, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)